Дзень Волі 25 сакавіка 2006г.

Онлайн рэпартаж

 

11:30

На Кастрычніцкую плошчу звозяць сьнег, плошча застаўленая сьнегазборнай тэхнікай. На прылеглых вуліцах – шмат тэхнікі зь міліцыянтамі. На месцы намётавага лягеру звалены сьнег. На прылеглых вуліцах карэспандэнт “Свабоды” налічыў 6 МАЗаў-“аўтазакаў”, 3 аўтобусы з АМАПам, 5 ГАЗікаў зь міліцыянтамі ды ішная спэцтэхніка сілавых структураў.

 

На месцы намётавага лягеру звалены сьнег. Сама плошча міліцыянтамі пакуль не ачэпленая. На прылеглых вуліцах карэспандэнт “Свабоды” налічыў 6 МАЗаў-“аўтазакаў”, 3 аўтобусы з АМАПам, 5 ГАЗікаў зь міліцыянтамі ды ішная спэцтэхніка сілавых структураў.

 

11:45

АМАП пачаў выціскаць людзей з Кастрычніцкай плошчы. Супрацоўнікі АМАПу выціскаюць людзей з плошчы, дзе сабралася агулам каля сотні чалавек. Міліцыянты кажуць, што знаходзіцца ў гэтым месцы нельга, бо тут прыбіраюць каток. На прылеглых вуліцах сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, якія спрабуюць патрапіць на плошчу.

 

12:00

Дэманстрантаў адагналі ад Кастрычніцкай плошчы на некалькі дзясяткаў мэтраў. АМАП выціснуў дэманстрантаў з Кастрычніцкай плошчы й працягвае адганяць людзей у бок ГУМу. Удзельнікі акцыі, скандуючы “Ганьба!” й “Жыве Беларусь!”, намагаюцца ізноў патрапіць на плошчу.

 

12:07

Некалькі тысяч дэманстрантаў выйшлі на праезную частку праспэкту. Дарогу на Кастрычніцкую плошчу ім перакрыў АМАП. Міліцыянты выхопліваюць людзей з калёны і зьбіваюць. Удзельнікі акцыі паспрабавалі прарваць ачапленьні міліцыі. Супрацоўнікі АМАПу павалілі іх на зямлю й пачалі зьбіваць нагамі. Сярод пацярпелых ёсьць жанчыны. Некалькі тысяч удзельнікаў акцыі стаяць на ходніках паабапал праспэкту Незалежнасьці. У руках яны трымаюць бел-чырвона-белыя сьцягі й кветкі.

 

12:20

Дэманстрантаў заганяюць у мэтро. Міліцыянты заганяюць дэманстрантаў у падземныя пераходы мэтро. Тунэлі забітыя, а людзей усё яшчэ адціскаюць у іх. На вуліцы Леніна сабралася каля 2 тысячаў чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Іх блякуе ўзмоцнены шэраг АМАПу.

 

12:25

Дэманстранты перакрылі праспэкт Незалежнасьці. Некалькі тысяч дэманстрантаў выйшлі на праезную частку праспэкту. Дарогу на Кастрычніцкую плошчу ім перакрыў АМАП. Міліцыянты выхопліваюць людзей з калёны й зьбіваюць.

 

12:30

Дэманстранты рушылі на плошчу. Міліцыя выціснула дэманстрантаў з праезнай часткі на ходнікі. Цяпер калёны рухаюцца да Кастрычніцкай плошчы. Міліцыя не перашкаджае. Рух па праспэкце не прыпынены. Машыны сыгналяць, выказваючы гэткім чынам падтрымку дэманстрантам.

 

12:35

Рух дэманстрантаў перакрыты. Дэманстрантаў блякаваў спэцназ. Калёны не дайшлі да Кастрычніцкай плошчы. Іх блякавалі на тратуары спэцназаўцы. Людзі кажуць, што іх тут некалькі тысяч.

 

12:40

З боку Ўручча ў цэнтар гораду па праспэкце Незалежнасьці на вялікай хуткасьці рухаецца калёна з 12-ці аўтобусаў-“пазікаў” і 8-мі вайсковых крытых грузавікоў у суправаджэньні “мігалак” ДАІ. У грузавіках заўважаныя вайскоўцы з шчытамі.

 

12:50

Дэманстрантаў блякавалі ля ўнівэрсаму “Цэнтральны”. Калёну дэманстрантаў блякавалі на ходніках ля ўваходу ва ўнівэрсам “Цэнтральны”. Агульная колькасьць дэманстрантаў — больш за 5 тысяч. Калёны выцягнуліся да Галоўпаштамту. Людзі стаяць на ходніках. Яны выкрыкваюць “Жыве Беларусь!” , “Свабоды не спыніць!” і сьпяваюць “Магутны Божа”. Толькі што з боку Адміністрацыі прэзыдэнта выбегла некалькі соцень спэцназаўцаў у баявой экіпіроўцы й з дручкамі. Яны атачылі калёны дадатковым ланцугом.

 

13:15

Аляксандр Мілінкевіч падыйшоў да сабраных каля Палаца прафсаюзаў людзей і заклікаў іх ісьці ў ськвэр імя Янкі Купалы. Ён сам узначаліў калёну, у якой знаходзіцца каля 3000 чалавек, калёна рушыла за ім. Тым людзям, што сабраліся каля унівэрсаму “Цэнтральны”, міліцыянты перагарадзілі дарогу з тым, каб ня даць ім аб’яднацца з калёнай пад кіраўніцтвам Мілінкевіча.

 

13:17

Дзеяньнямі спэцназу кіруе камандзір СОБРу Зьміцер Паўлючэнка. Яго заўважылі на гаўбцы Дому афіцэраў, адкуль ён праз рацыю перадае нейкія загады.

 

13:20

Каля тысячы дэманстрантаў накіравалася да плошчы Свабоды. На плошчы Свабоды ўжо стаіць калёна людзей. Мяркуецца, што разам яны паспрабуюць прайсьці да Купалаўскага сквэру. Канцэнтраваныя сілы АМОНу, узброенага дубінкамі, высадзілі з машын і аўтобусаў ў раёне Нямігі, і яны шчыльнымі шэрагамі акальцоўваюць Кастрычніцкую плошчу ззаду Палацу Рэспублікі.

 

13:40

Мілінкевіч прыйшоў у сквэр Янкі Купалы. Ён зьвярнуўся да прысутных: “Тое, што ўлады пайшлі на сілавыя дзеяньні ў гэты дзень, сьведчыць пра іхны страх. Ён дасягнуў свайго апагею”. Мілінкевіч адзначыў, што менскія турмы перанаселеныя: “Я шукаў свайго сына, і толькі сёньня даведаўся, што ён у Жодзіне”. Спадар Мілінкевіч заклікаў іншыя калёны далучыцца да мітынгу ў Купалаўскім сквэры. Але байцы АМАПу і СОБРу перашкаджаюць калёнам злучыцца. У цэнтры гораду знаходзіцца блізу 20 000 тысяч чалавек.

 

13:45

На Акрэсьціна прывезьлі 3 мікрааўтобусы затрыманых. Запоўненыя людзьмі, яны заехалі ў браму спэцпрымальніка-разьмеркавальніка.

 

Людзі ў сквэры імя Янкі Купалы абмяркоўваюць лёс затрыманых напярэдадні на Кастрычніцкай плошчы. Маці адной з затрыманых дзяўчат удалося прайсьці ў разьмеркавальнік на Акрэсьціна. Яна паведаміла, што затрыманыя ў камэрах сьпяваюць беларускія песьні, вывучаныя ў намётах на плошчы.

 

13:50

Удзельнікі мітынгу прагналі здымачную групу БТ. Падчас мітынгу, які адбываецца ў сквэры імя Янкі Купалы, ягоныя ўдзельнікі прагналі здымачную групу БТ. Дзяржаўныя журналісты пакідалі сквэр пад крыкі “Паклёпнікі!”, “Ганьба!”

 

13:55

У Купалаўскім сквэры хутка пачнецца мітынг. Цяпер тутака знаходзіцца каля 8 тысяч чалавек. Людзі працягваюць падыходзіць. У гэты момант тут усталёўваецца гукаўзмацняльная апаратура. Хутка пачнецца мітынг.

 

14:00

На мітынгу выступаюць Вячорка й Мілінкевіч. Вінцук Вячорка заклікаў да салідарнасьці з тымі, хто сядзіць за кратамі. Мілінкевіч нэгатыўна ацаніў вынікі выбараў.

 

14:15

На мітынгу выступае Ўладзімер Арлоў. Усіх зьняволеных жыхароў намётавага лягеру ён назваў героямі Беларусі.

 

14:20

Аляксандар Казулін заклікаў удзельнікаў па сканчэньні мітынгу ісьці на Акрэсьціна й дамагацца вызваленьня палітвязьняў. Ён дадаў, што месца апошняга дыктатара Эўропы — у Гаазе. Прысутныя скандавалі: “Чамадан — вакзал — Гаага!”

 

14:30

Выступаючы на мітынгу ў сквэры імя Янкі Купалы, Аляксандар Мілінкевіч абвясьціў аб стварэньні Народнага руху за свабоду. Ён сказаў, што ўдзельнікі гэтага руху дойдуць да ўсіх гарадоў і вёсак краіны, каб давесьці да людзей праўдзівую інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне.

 

14:35

На Акрэсьціна перасталі прымаць перадачы. Супрацоўнікі спэцпрымальніка-разьмеркавальніка тлумачаць, што пэрсанал перагружаны іншай працай. У браму вязьніцы заехала машына “хуткай дапамогі”.

 

14:45

Людміла Гразнова, выступаючы на мітынгу ў сквэры імя Янкі Купалы, заявіла: Уладзімеру Пуціну ня месца побач з прыстойнымі людзьмі ў “васьмёрцы”, бо Эўропа нясе маральную адказнасьць за тое, што адбываецца ў Беларусі. А таму Пуцін, які павіншаваў Лукашэнку зь перамогай, павінен быць выключаны з гэтай арганізацыі.

 

“Я цяпер бачыла вочы міліцыянтаў, і адчуваю, што яны гатовы далучыцца да нас”, — сказала Людміла Гразнова.

 

14:50

На даху спэпрымальніка-разьмеркавальніка на Акрэсьціна дзяжураць 4 снайпэры. Міліцыянты вядуць апэратыўную здымку ўсіх прысутных.

 

15:00

На мітынгу ў сквэры Янкі Купалы выступіла дэпутатка польскага Сэйму ад Партыі права й справядлівасьці Малгажата Гасіньска. Яна выказала салідарнасьць са змаганьнем беларускага народу за праўду аб выбарах і абвясьціла заяву прэм’ер-міністра Польшчы Казімежа Марцінкевіча: усе студэнты Беларусі, якіх за ўдзел у апазыцыйных мітынгах выключаць зь беларускіх ВНУ, будуць прыняты для бясплатнага навучаньня ў польскіх унівэрсытэтах.

 

15:15

Мітынг у сквэры імя Янкі Купалы ў Менску скончыўся а 15-й гадзіне. Пры канцы мітынгу прынялі зварот у Камітэт па правах чалавека ААН і да ўсіх дзяржаваў сьвету, каб яны зьвярнулі ўвагу на падзеі ў Беларусі і паспрыялі вызваленьню затрыманых удзельнікаў апазыцыйных акцыяў.

 

Затым у прынятай рэзалюцыі ўдзельнікі мітынгу асудзілі мінулую выбарчую кампанію й запатрабавалі правядзеньне новых сумленных выбараў без удзелу Аляксандра Лукашэнкі, а таксама запатрабавалі вызваліць усіх палітвязьняў. Аляксандар Мілінкевіч заклікаў усіх прысутных далучацца да Народнага руху за свабоду, пра стварэньне якога было абвешчана на мітынгу. Вінцук Вячорка заклікаў памятаць пра наступную буйную акцыю апазыцыі — Чарнобыльскі шлях.

 

15:10

Казулін і частка мітынгоўцаў скіраваліся на Акрэсьціна. Яны крочаць туды, каб дамагчыся вызваленьня ўсіх затрыманых. Ад Купалаўскага сквэру да спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку 11 кілямэтраў.

 

15:30

3 тысячы чалавек ідуць да Акрэсьціна вызваляць палітвязьняў. На дадзены момант калёна крочыць па вуліцы Багдановіча. Удзельнікі скандуюць “Свабоду!” і “Жыве Беларусь”.

 

16:00

Пад мостам ля будынку райвыканкаму Маскоўскага раёну Менску шлях калёне, якая рухалася да спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна, перакрылі некалькі шэрагаў АМАПу і спэцназу. З рацыяў міліцыянтаў можна пачуць, што яны чакаюць, каб калёна дайшла да бязьлюднага месца, дзе і мяркуюць затрымаць удзельнікаў шэсьця.

 

16.05

Спыніўся грамадзкі транспарт. Людзі выходзяць і далучаюцца да калёны. Грамадзкі транспарт спыніўся. Пасажыры далучаюцца да калёны, якая ідзе на вуліцу Акрэсьціна да спэцпрыёмніку з патрабаваньнем вызваліць вязьняў. У калёне рушыць больш як 10 тысяч чалавек.

 

16.13

Каля Тэатру апэрэты прагучалі выбухі - магчыма газавых гранат. Шмат зьбітых людзей ляжаць на зямлі.

 

Супраць дэманстрантаў ужываюць дымавыя шашкі. У апэрацыі ўдзельнічаюць некалькі сотняў амапаўцаў.

 

16:30

Як паведаміла нашаму карэспандэнту Іна Кулей, у Менску міліцыя затрымала аўтамашыну, у якой знаходзіўся прэсавы сакратар Аляксандра Мілінкевіча Павал Мажэйка з узмацняльнай апаратурай, што выкарыстоўвалася падчас мітынгу ў сквэры Янкі Купалы. Аляксандар Мілінкевіч і Іна Кулей накіраваліся ў Цэнтральны райаддзел міліцыі, куды павезьлі затрыманага з апаратурай Мажэйку.

 

16:45

Шэрагі міліцыянтаў у касках і са шчытамі расьсякаюць калёну. Яны зьбіваюць дэманстрантаў. Гэта адбываецца ля будынку райвыканкаму Маскоўскага раёну Менску.

 

На месцы разгону калёны пачаўся масавы хапун. Сьведкі бачаць трох параненых, двух выносілі на насілках. Затрыманы Аляксандар Казулін.

 

ШТО АДБЫЛОСЯ ПАДЧАС РАЗГОНУ

 

Аляксандр Казулін напрыканцы мітынгу ў Купалаўскім скверы заклікаў людей пайсьці на вуліцу Акрэсьціна да спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка, дзе за кратамі адбываюць арышты сотні палітвязьняў. Калёна спачатку з 3 000 чалавек пайшла па вуліцы Купалы, а потым па Максіма Багдановіча. За некалькі мэтраў яна павялічылася ў некалькі разоў. Людзі выходзілі з крамаў, тралейбусаў і далучаліся да дэманстрантаў. Па рацыях журналісты пачулі, што апэрацыя пачнецца, як толькі калёна трапіць у бязьлюднае месца.

 

Пасьля таго, як дэманстранты перайшлі дарогу насупраць Тэатру музычнай камэдыі, пад мостам насупраць Маскоўскага райвыканкаму салдаты ў шлемах і са шчытамі пабудавалі некалькі ланцугоў. Наперадзе стаяў палкоўнік Зьміцер Паўлічэнка. Салдаты пайшлі на дэманстрантаў. Адлегласьць паміж вайскоўцамі і дэманстрантамі скарачалася. Аляксандр Казулін разам са сьвятарамі падышоў да палкоўніка Паўлічэнкі.

 

(Казулін:) “Ну вось вы бачыце, што адбываецца? Мірная дэманстрацыя...”

 

Адразу пасьля гэтага салдаты пайшлі ў атаку. Салдаты і спэцназаўцы зьбівалі кожнага, хто трапляў на шляху. Людзей кідалі на асфальт і зьбівалі нагамі і дубінкамі. Салдаты былі экіпаваныя ў бронекамізэлькі, шлемы, шчыткі на нагах. Раптам пачаліся выбухі.

 

Алеся Цішука некалькі салдатаў зьбівалі нагамі і дубінкамі. Яму разьбілі галаву. Калі празь некалькі хвілінаў пачалася другая атака, у часе якой салдаты хапалі людзей, якія ляжалі на дарозе і тых, хто быў наверсе ля плоту і кідалі іх у аўтобусы і аўтазакі. Спэцназаўцы схапілі Алеся, але жанчыны затулілі яго сваімі целамі. Алесю выклікалі “хуткую” і яго забралі ў шпіталь. Яшчэ некалькіх чалавек забралі “хуткія”. У аддзяленьнях экстрэннай хірургіі менскіх шпіталяў пакуль адмаўляюцца казаць, колькі чалавек знаходзяцца ў шпіталях і ў якім стане.

 

У гарадзкой міліцыі таксама не камэнтуюць, куды адвезьлі затрыманых удзельнікаў акцыі, сярод якіх і яе арганізатар Аляксандр Казулін.

 

16:15

(Карэспандэнтка:) “Толькі што байцы пад камандаваньнем палкоўніка Зьміцера Паўлючэнкі пайшлі ў атаку. Яны пачалі зьбіваць людзей. Яны б'юць іх дубінкамі, накідваюцца па 6 чалавек на аднаго, зьбіваюць дзяцей. Пачалі ўзрываць. Толькі што разьбілі чалавеку галаву ў мяне на вачах. Яны апранутыя ў чорныя, у іх адгазьнікі.

 

Яны пачалі выстрэльваць – я ня ведаю што гэта – вялізарны выбух, дым, зьбіваюць усіх, хто трапляе пад руку. (Гук выбуху.) Вы чуеце? Гэта нейкія гранаты. Спачатку яны страляюць, потым нешта сьвеціцца – дым страляніна. Шмат зьбітых. Вы чуеце гэта? Кроў... Палкоўнік Паўлючэнка камандуе гэтым разгонам, людзей загналі на гору – усё гэта адбываецца насупраць тэатра Апэрэты”.

 

(Вядоўца:) “Ці ёсьць там хтосьці зь лідэраў апазыцыі?”

 

(Карэспандэнтка: ) “Тут ёсьць Казулін, ён заклікаў людзей ісьці на Акрэсьціна. Ідзе дым, за дымавой завесай нічога не відаць. Магчыма, гэта нейкія дымавыя шашкі. Шмат зьбітых – людзі ляжаць удоўж дарогі, некаторыя зь іх у непрытомнасьці. Гэта выглядае вельмі страшна. Тут на мосьце электрычка – яна запаволіла хаду, усе людзі кінуліся да вокнаў, людзі крычалі: "Ня трэба, ня біце!" Білі страшна – мужчын, хлопцаў. Адну жанчыну двое вялізных мужчын схапілі за ногі, павалаклі, пачалі яе зьбіваць па нырках, пра жываце. (Крык: "З дарогі!") Вось вы чуеце, як яны кідаюцца на журналістаў. Зараз пачнецца другая частка гэтай апэрацыі. Людзі ў масках, у бронекамізэльках з газам – у яго вялізны балён чырвонага колеру, на ім нейкая абрэвіятура, што гэта нейкі газ небясьпечны, яны пачынаюць зрываць зь яго плёмбу.

 

Казулін пакуль што не арыштаваны – ён пайшоў размаўляць з Паўлючэнкам. Пасьля гэтага адразу пайшлі гэтыя ягоныя людзі. Зараз яны абкружылі тых, хто засталіся побач. Побач са мной – польскі журналіст, ён таксама зьбіты. (Скандаваньне: “Жыве Беларусь!”) Вось вы чуеце – усё роўна, нягледзячы на тое, што такі жорсткі разгон, на тое, што тут былі такія выбухі – спачатку людзі думалі, што гэта баявыя гранаты – вы чуеце, што людзі ўсё роўна скандуюць “Жыве Беларусь!” – людзі вельмі абураныя такім брутальным зьбіцьцём. Тут яшчэ ёсьць такая хімічная рота, яны ў чорным, у іх адгазьнікі, нейкі балёны з газам – я ня ведаю, што гэта за газ, але вельмі шчыплюць вочы. Магчыма, гэта тая самая “чаромха”.

 

Зьбітыя некалькі сьвятароў, якія ішлі разам з Казуліным на перамовы. Тут і Акаловіч, і яшчэ адзін сьвятар, яго таксама зьбілі. Адзін чалавек намагаўся ня даць прайсьці вайскоўцам, калі выбухнула граната – ён лёг на асфальт, на праежджую частку, і яго вельмі моцна зьбілі. Ён дагэтуль ляжыць без прытомнасьці, жанчыны намагаюцца выклікаць яму хуткую дапамогу, але як яна сюды прыедзе, калі тут усё ачэплена”.

 

(Вядоўца:) “Паводле ацэнак міліцыі, колькі людзей выйшла сёньня на вуліцы Менску пратэставаць?”

 

(Карэспандэнтка: ) “Калі мы ішлі, стаяла група дакумэнтаваньня на прыступках каля гандлёвага дому на Нямізе – яны казалі, што гэтая калёна, якая ішла – спачатку давалі 10 000 чалавек, але літаральна празь 15 хвілінаў людзі выходзілі з тралейбусаў, далучаліся да калёны, але калі яны прыйшлі сюды, калі іх тут сустрэў Паўлючэнка, іх ужо было каля 18 000 чалавек”.

 

 

СУПРАЦЬ ДЭМАНСТРАНТАЎ УЖЫВАЛІ ШУМАВЫЯ БОМБЫ, СТРАЛЯЛІ ЗЬ ВІНТОВАК

 

Некалькі чалавек знаходзяцца з рознымі траўмамі ў шпіталях, а дзесяткі затрыманых – у міліцыі пасьля разгону шэсьця да спэцпрыёмніка на вуліцу Акрэсьціна. Спэцназ міліцыі і салдаты, якімі камандаваў палкоўнік Паўлічэнка, брутальна зьбілі некалькі дзесяткаў чалавек. Супраць дэманстрантаў ужывалі шумавыя бомбы, стралялі зь вінтовак, кідалі людзей на зямлю, а потым зьбівалі нагамі і дубінкамі.

 

Алеся Цішука некалькі салдатаў зьбівалі нагамі і дубінкамі. Яму разьбілі галаву. “Хуткая дапамога” адвезла яго ў шпіталь з траўмай чэрапу. Яшчэ некалькі чалавек трапілі ў шпіталі з рознымі траўмамі. У аддзяленьнях экстрэннай хірургіі менскіх шпіталяў пакуль адмаўляюцца казаць колькі чалавек знаходзяцца ў шпіталях і ў якім стане.

 

У гарадзкой міліцыі таксама не камэнтуюць, куды адвезьлі затрыманых удзельнікаў акцыі.

 

 

ПАДЗЕІ 25 САКАВІКА Ў МЕНСКУ КАМЭНТУЕ АЛЯКСАНДР МІЛІНКЕВІЧ

 

(Навумчык:) “Спадар Алесь, як Вы пракамэнтуеце сёньняшнія падзеі ў Менску – і мітынг ў сквэры Янкі Купалы, і шэсьце ў бок спэцпрыймальніка-разьмеркавальніка?”

 

(Мілінкевіч:) “Мітынг быў выдатны, цудоўны настрой, сонечны дзень, велізарная колькасьць людзей, хаця нас падзялілі і перашкаджалі прайсьці да месца. І сапраўды, гэта была выдатная падзея, вельмі добры акцэнт у кампаніі. Ну, а тое, што потым было... Гэта вельмі сумна, што гэтулькі людзей зьбіта... Я лічу паход на Акрэсьціна правакацыяй, выгоднай уладзе”.

 

(Навумчык:) “Вы заявілі на мітынгу пра стварэньне вызвольнага руху. Вашыя далейшыя дзеяньні?”

 

(Мілінкевіч:) “Сама ідэя руху нават не належыць мне, проста ў маіх шматлікіх паездках па рэгіёнах людзі, якія жадалі мяне падтрымаць, яны падыходзілі і казалі – “Давайце працаваць!”. Ну і паколькі я сам з кааліцыі, я лічу, што кааліцыя павінна быць ядром гэтага руху, і партыйныя. і грамадзкія арганізацыі. Але нас ўсё ж такі нашмат менш, чым проста людзей, якія хочуць зьменаў і хочуць дэмакратыі. Таму нам вельмі важна далучыць вось гэтых новых, якія зьявіліся ў кампаніі. Гэта тыя людзі, якія аддалі нам свае галасы пад час выбараў, а іх шмат, іх больш за мільён”.

 

Сяргей Навумчык, Прага

 

 

У ГОМЕЛІ І НАВАПОЛАЦКУ ПАДТРЫМАЛІ ДЭМАНСТРАНТАЎ МЕНСКУ

 

На знак салідарнасьці з дэманстрантамі ў Менску, на Дзень Волі ў Гомлі выйшлі каля 30 чалавек. На пляцы Паўстаньня, куды яны прыйшлі, міліцыянты затрымалі 3 ўдзельнікаў акцыі. Прозьвішча аднаго зь іх – Міхайлаў. Імёны астатніх невядомыя.

 

Таксама сёньня сябры ініцыятыўнай групы Казуліна ў Наваполацку зладзілі на цэнтральным наваполацкім пляцы акцыю пратэсту супраць нялюдзкага абыходжаньня ўладаў зь мірнымі дэманстрантамі ў Менску. А палове дзявятай вечара яны запалілі сьвечкі і моўчкі стаялі так цягам 40 хвілінаў. Удзельнічалі ў акцыі 12 чалавек, прычым усе яны былі перакананыя, што апынуцца ў пастарунку, да апошняга часу на цэнтральным пляцы стала знаходзіўся міліцэйскі пост. Аднак сёньня пост быў зьняты і гэта, на думку ўдзельнікаў акцыі, уратавала іх ад затрыманьняў.

 

 

ДЗЕНЬ ВОЛІ Ў ВІЛЬНІ: АКЦЫЯ ПРАТЭСТУ

 

У Вільні апрача традыцыйных сьвяточных імпрэзаў да Дня Волі адбылася чарговая штодзённая акцыя пры амбасадзе Беларусі. Акцыя пратэсту супраць гвалту ў Беларусі адбылася пасьля таго, як зь Менску пачалі прыходзіць зьвесткі пра жорсткае зьбіцьцё мірных дэманстрантаў.

 

На акцыю пры будынку амбасады Беларусі прыйшлі некалькі дзесяткаў чалавек, бальшыня – беларускія студэнты, якія не змаглі сёньня прыехаць у Менск з-за праблем з пашпартамі. Як яны распавялі, гэтымі днямі кіраўніцтва ЭГУ перадала пашпарты студэнтаў з двух факультэтаў для афармленьня дазволу на пражываньне ў Літве.

 

(Вольга:) “Зараз мы ня можам быць у Менску, ня можам быць разам з нашым народам, разам з нашымі сябрамі, роднымі, таму мы – тут, каб паказаць, што хаця мы цяпер і жывем у Літве, але мы бачым, што адбываецца ў Беларусі, і мы з гэтым ня згодныя”.

 

(Андрэй:) “Мы зьбіраліся ў Менск, але так склаліся абставіны, што мы ня змаглі паехаць – я зь ліку тых ЭГУшнікаў, што засталіся без пашпартоў. Таму прыйшлі сюды, каб хаця нешта зрабіць для Беларусі. Хаця б прыйсьці сюды – гэта наш сьвяты абавязак”.

 

(Ганна:) “Я была ў намётах (на Кастрычніцкай плошчы) дзьве ночы, але захварэла і на трэцюю ноч пайшла да сяброўкі, вось яе арыштавалі ў чацьвёртую ноч зь ёй ніякай сувязі няма, што зь ёй – невядома. Там шмат маіх сяброў, знаёмых арыштавалі”.

 

(Дзяніс:) “Прыйшоў выказаць свой пратэст супраць таго, што зараз адбываецца ў Беларусі”.

 

(Марына:) “Мне хацелася сказаць беларусам, што я, хаця фізычна не магу быць разам зь імі, маральна ідухоўна я разам зь імі”.

 

(Эўгеніюс:) “Я – віленчук, пабачыў у навінах, што дзеецца ў Беларусі, як жорстка абыходзяцца з людзьмі, напісаў сябру, беларусу, ці трэба дапамога, -- і вось прыйшоў на акцыю пратэсту, каб прынамсі паказаць, што нам ня ўсё роўна, што мы – за тых, хто хоча вольна выбіраць лёс свой краіны!”.

 

(Удзельнікі акцыі:) “Жыве Беларусь! Жыве!” (чутна, як сыгналяць праязджаючыя машыны)

 

(Артур:) “Старая апазыцыя страціла адчуванньне часу, адчуваньне таго, што патрэбна рабіць. Вось гэтая моладзь, якая засталася 20 сакавіка на плошчы, яна, фактычна, вырвала гэты сьцяг рэвалюцыі, сьцяг будучага у гэтай старой, можна сказаць, наменклятурнай, апазыцыі”.

 

Удзельнікі акцыі зрабілі сымбалічнае шэсьце па вуліцах зь бел-чырвона-белымі і літоўскімі сьцягамі. Студэнты ішлі ланцугом, з чорнымі воракамі на галовах і завязанымі рукамі, каб паказаць, як беларускія ўлады абыходзяцца з грамадзянамі сваёй краіны. На сьпінах у іх былі плякаты на розных мовах: “Дапаможам Беларусі!”.

 

Імпрэзы да Дню Волі ладзяць і беларускія суполкі ў іншых гарадох Літвы, -- Салечніках, Вісагінасе, Друскеніках, Клайпедзе.

 

Тацяна Поклад, Вільня

 

 

У ПОЛЬШЧЫ ПРАЙШЛІ АКЦЫІ САЛІДАРНАСЦІ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ

 

Сьвяточныя мерапрыемствы ў Варшаве пачаліся ад выступу на тэрыторыі Варшаўскага ўнівэрсытэту ў цэнтры польскай сталіцы ўроцлаўскага рок-гурту “Siddhartha”. Потым прысутныя накіраваліся да будунку Беларускай амбасады – гэтаа даволі далёка – прыблізна 6-7 кілямэтраў. Увесь гэты шлях музыкі гурту “Siddhartha” ехалі на адмысловай плятформе, усталяванай на грузавіку і працягвалі граць.

 

Каля амбасады было каля 300 чалавек – дзесяткі бел-чырвона-белых сьцягоў, транспаранты з партрэтамі зьніклых палітыкаў.

 

Прысутныя спрабавалі ўручыць прадстаўнікам амбасады пэтыцыю, у якой выказваецца пратэст супраць фальсыфікацыяў і жорсткіх разгонаў акцыяў пратэсту, аднак ніхто з будынку не выйшаў.

 

Тады ўдзельнікі акцыі пачалі сканадаваць “Амбасадар, так быць ня можа!”

Увесь час прысутныя на знак салідарнасьці ставяць подпісы на доўгай блакітнай стужцы, якая ў бліжэйшыя дні будзе адвезеная ў Беларусь.

 

Урачысты канцэрт і вечарына з нагоды Дня Волі адбылася сёньня таксама ў Беластоку. Акцыя салідарнасьці прайшла ў Познані.

 

Rating All.BY Радзіма майго духу Zviaz u padtrymku Demakratyi w Belarusi Зянон Пазьняк Беларускі Маладзевы Рух у Амерыцы Мілінкевіч Аляксандр Камунікат Радыё Свабода