![]() |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Main |
Photos |
Wallpaper |
ArtGallery |
Stories |
Links |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||
Кніга да 17 верасея |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
"А па мне хай над Домам ураду хоць рваныя майткі вісець будуць. Абы мне лепей было", — так патлумачыў сваю жыцьцёвую пазыцыю старшы лейтэнант міліцыі, зь якім мы дзяжурылі на выбарчым участку позна ўвечары 14 траўня 1995 году. Я быў назіральнікам ад Партыі аматараў піва. Пасьля мы ня раз сустракаліся зь лейтэнантам у цэнтры Менску — па розныя бакі "барыкадаў". Імя Мішка Зубаў гэтаму лейтэнанту цалкам пасавала б. "Запіскі афіцэра чырвонай арміі" — стылізаваны пад дзёньнік расповед малодшага лейтэнанта Мішкі Зубава пра свае ўражаньні ад перабываньня ў Заходняй Беларусі ад 17 верасьня 1939-га да студзеня 1945-га: у Лідзе, Вільні і пад Вільняй. Як часта мне даводзілася чуць ад старых людзей уражаньні пра першыя сустрэчы з чырвонаармейцамі. Трагікамічныя гісторыі пра начныя кашулі, якія жонкі афіцэраў апраналі як сукенкі, пра газэту як адзіны спосаб скруціць цыгарэту... "Запіскі" — такі вось адзін вялікі анэкдот на больш як 200 старонак. Сяргей Пясэцкі — выдатны стыліст. Мішка Зубаў абсалютна выразны і вельмі пазнавальны сучаснаму чытачу. "Ноч была чорнай, як сумленьне фашыста, як намеры польскага пана, як палітыка ангельскага міністра". Чым не пасаж з "аналітычнай" праграмы БТ? Часам Пясэцкаму даводзіцца камэнтаваць некаторыя радкі кнігі, што могуць быць незразумелыя заходняму чытачу: "Звыклыя сьцьверджаньні ўсіх расейцаў, што прыйшлі на акупаваныя бальшавікамі тэрыторыі "Ў нас всё есьць!.. У нас всево многа!.. У нас всё лучшэ!.. У нас всё дзешэвле!.." На мой глузд, кніжку трэба вывучаць у сярэдняй школе. Дзецям будзе забаўна (галоўны герой — сумесь Швондзера й Шарыкава). Забаўна, пакуль ня прыйдзе гідкі фінал, які прачысьціць мазгі ад ідэалягічнага сьмецьця, што назьбіралася ў галовах беларусаў за апошнія 66 гадоў. "Запіскі" цудоўна тлумачаць, хто кіруе Беларусьсю дагэтуль. Па-беларуску падобнай мастацкай кніжкі яшчэ не было. Ані пра Заходнюю Беларусь, ані пра бальшавікоў. Пясэцкі ставіцца да бальшавікоў канкрэтна, выразна, бескампрамісна — замбаваная навалач, якая нясе з сабою страшную бяду. На думку дасьледніка творчасьці Пясэцкага Пятра Рагойшы, тэма саветызацыі Заходняй Беларусі не акцэнтавалася ў беларускай літаратуры, бо "аб’ектыўна ўзьяднаньне народу было станоўчым фактарам". Ляхавіцкі хлопец Сяржук Пясэцкі толькі ў трыццаць зь лішкам гадоў вывучыў літаратурную польскую мову і стаўся славутым польскім пісьменьнікам. Калі патрапіў на пятнаццаць гадоў у вязьніцу за рабаўніцтва з забойствам. У мяне не выклікае непрыманьня азначэньне аўтара перакладу "Запісак" Алеся Астраўцова, які называе Пясэцкага "беларуска-польскім пісьменьнікам". Мова твору — польская. Погляд на падзеі — беларускі, нутраны. Народжаны ў 1901 годзе, Пясэцкі пасьпеў пазмагацца з бальшавікамі ў "Зялёным Дубе", а пасьля ў беларускім аддзеле Войска польскага. Можна меркаваць, што, калі б Пясэцкі патрапіў у літоўскую турму, ён стаўся б літоўскім пісьменьнікам, у нямецкую — нямецкім. Але застаўся б самім сабою. Чалавекам, для якога аніякая агульная ідэя, у тым ліку нацыянальная, не магла зьмяніць пэрсанальныя жыцьцёвыя перакананьні. "Запіскі афіцэра чырвонай арміі" — прывітаньне нэабальшавікам, якія "вядуць нашу Беларусь к працьвятанію". Севярын Квяткоўскі "Наша Ніва" №34 (440) 16 верасьня 2005 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Запіскі афіцэра Чырвонай арміі |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
(ад 17 верасня 1939 г.) |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
![]() |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Нарэшце адбылося! Праз 57 гадў пасля напісання, накладам 2000 асобнікаў, у свет выйшлі “Зпіскі афіцэра Чырвонай Арміі” выдадзеныя літоўскай фірмай VIVAFUTURA у перакладзе на беларускую мову Алеся Астраўцова. Раман легендарнага й сусьветна вядомага польска-беларускага пісьменьніка Сяргея Пясэцкага ў жорсткай сатырычнай форме апісвае рэальныя падзеі, што адбываліся на Віленшчыне й Лідчыне ад моманту "узьяднаньня" Усходняе й Заходняе Беларусі й да "вызваленьня" Вільні савецкімі войскамі ў 1944 годзе. Аповяд вядзецца ад асобы "вызваліцеля" малодшага чырвонага афіцэра. Напісаны ў 1948 годзе, раман прызнаваўся сучасьнікамі геніяльным зборам показак пра расейцаў увогуле й Чырвоную Армію ў прыватнасьці, што апавядаліся ў той час па ўсёй Эўропе. У "Запісках..." яны прадстаўлены поўным спэктрам ад пабытовых кпінаў, да зьнішчальнае палітычнае сатыры й "чорнага" гумару. Варта адзначыць, што гэты твор бясспрэчна быў забаронены ў савецкія часы, нават у Польшчы афіцыйна быў упершыню апублікаваны толькі ў 2000 годзе. Па-беларуску публікуецца ўпершыню. |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Таварышу І.В. Сталіну. 22 верасня 1939 года. Вільнюс. Ноч была чорнай, як сумленне фашыста, як намеры польскага пана, як палітыка англійскага міністра. Але няма на свеце сілы, якая стрымала б салдатаў непераможнай Чырвонай Арміі, што радасна і з гонарам ідуць вызваляць з буржуазнага ярма сваіх братоў – сялянаў і рабочых усяго свету. Вораг быў заспеты цалкам знянацку. Я ішоў першым з пісталетам напагатове. За мною байцы. На мяжы мы не спаткалі нікога. Падышлі да польскай заставы. Акружылі яе ўзорна і ўваходзім у сярэдзіну. Дарогу нам заступіў нейкі азвярэлы фашысцкі салдат. Наставіў я яму пісталет у грудзі, а байцы штыхі. – Рукі ўгору, паслугач! Абяззброілі яго і шыбуем усярэдзіну. Амаль усе там спалі. Ніхто не ўчыніў адпору. Забралі мы зброю з пірамідаў і адрубілі тэлефон, Спытаўся я ў аднаго з салдатаў: – Дзе ваш камандзір? – Гэты, – указаў той пальцам. Гляджу – зусім худы пан. Можа, нават з рабочых выкараскаўся, прадаючы сваіх братоў. Такія найгоршыя. Пытаюся я ў яго: – Ты тут камандзір? – Я, – адказвае ён. – У чым справа? Злосць мяне разабрала, але не меў я часу якслед з ім расправіцца. Растлумачыў толькі: – Скончылася тваё панаванне і канец вашай панскай Польшчы! Досыць папілі чалавечай крыві! Настаў час і сваёй захлынуцца! Належала б па справядлівасці і яго, і тых усіх адурманеных капіталістычных паслугачоў расстраляць, хаця і шкада куляў на гэтых буржуйскіх сцерваў. Але мы мелі дакладны загад: "Палонных адсылаць у тыл". Таму пакінулі ахову і пайшлі далей. Там з імі нашы арлы з НКВД расправяцца. А нам часу шкада. Мы павінны выканаць важнае баявое заданне. Далей пайшлі прама дарогай. У кірунку на Маладзечна. Ціха... Нідзе ані святла, ані чалавека. Гэта мяне нават здзівіла. Столькі чытаў аб хітрасці польскіх паноў. А тым часам мы ж іх і перахітрылі. Як снег на галаву ім упалі. Эх, каб толькі мая Дуня пабачыла, як з гонарам і смела крочыў я на чале ўсёй Чырвонай Арміі як абаронца пралетарыяту і ягоны збаўца! Але яна, пэўна, спала і не снілася ёй нават, што я, Мішка Зубаў, стаі той ноччу героем Савецкага Саюзу. Не ведала таго, што каб яна магла спакойна, радасна і ў дабрабыце жыць і працаваць, я ішоў у крывавую пашчу буржуазнага звера. Але я гэтым толькі ганаруся. Разумею, што прынёс у Польшчу, для маіх зняволеных панамі братоў і сёстраў, святло нязнанай імі вольнасці і нашу вялікую, адзіную ў свеце, праўдзівую, савецкую культуру. Уласна пра тое і клопат: пра культуру, вашу маць! Няхай пераканаюцца, што без паноў і капіталістаў стануць вольнымі, шчаслівымі людзьмі і будаўнікамі супольнай сацыялістычнай айчыны пралетарыяту. Няхай удыхнуць вольнасці! Няхай убачаць нашыя дасягненні! Няхай зразумеюць, што толькі Расія, вялікая МАЦЬ зняволеных народаў, можа пазбавіць чалавецтва голаду, няволі і эксплуатацыі! Вось. Толькі праз сем кіламетраў ад мяжы мы напаткалі зверскі супраціў крывавых капіталістаў. Напэўна, нехта з польскай заставы здолеў уцячы, выкарыстаўшы цемру, і паведаміў буржуазіі, што ідзе непераможная армія пралетарыяту. Нехта крыкнуў нам нешта на сабачай польскай мове. Мы не зразумелі што, толькі адказалі гучна і пагрозліва, ажно рэха лесам пайшло: – Здавайся, фашыст, а не то знішчым! Перад намі толькі загуло. Мы, значыцца, па хмызах, па равах: як вайсковая тактыка раіць – схованкі шукаць. Потым падцягнулі машынкі і давай сыпаць чэргамі. Толькі лес заенчыў. 3 дзве гадзіны білі мы так з кулямётаў. Ніхто не адгукнуўся. Але заўсёды трэба асцярожна. Вораг хітры: можа стаіўся і чакае. Тым часам развіднела. Бачым: на дарозе перад намі наладаваны сенам воз стаіць, а пры ім забіты конь ляжыць. Больш нікога... Тады мы рушылі наперад асцярожна, каб у засаду не трапіць. Але ўсё скончылася шчасліва. Несумненна, што вораг зразумеў, з якой сілай дачыненне мае, і ганебна ўцёк. Такім вось чынам я, малодшы лейтэнант непераможнай Чырвонай Арміі, пакрочыў на чале майго ўзводу у буржуазную Польшчу. А адбылося тое ўночы 17 верасня 1939 года. Ура! ура! ура! Запіскі гэтыя я пачаў у горадзе Вільнюсе. Пішу іх у гонар нашай магутнай Чырвонай Арміі і – перадусім – яе ВЯЛІКАГА правадыра, таварыша Сталіна. Яму таксама, натуральна, прысвячаю іх. Добра разумею, што пяро маё бяссільнае, калі хачу апісаць вялікасць нашага правадыра і маё каханне да яго. Дзеля гэтага патрэбна пяро Пушкіна альбо Маякоўскага. Я ж магу толькі дакладна занатаваць тое, што бачыў і чуў у тыя вялікія гістарычныя дні, якія вызвалілі некалькі прыгнечаных народаў з капіталістычнай няволі. Калі думаю аб нашым вялікім ПРАВАДЫРЫ і ВУЧЫЦЕЛІ, дык адчуваю, як мне на вочы наплываюць слёзы. Кім бы я быў без яго? Царскім вязьнем, зганьбаваным і эксплуатаваным нялюдкам. А зараз я, чый бацька быў звычайным рабочым, афіцэр. Маю гонар належаць да камсамолу. Скончыў дзесяцігодку. Умею чытаць і пісаць амаль без памылак. Здолею таксама і па тэлефоне паразмаўляць. Знаю палітасвету. Ем штодзённа сапраўдны хлеб. Хаджу ў скураных чаравіках. З'яўляюся чалавекам адукаваным і культурным. Да таго ж карыстаюся найвялікшай вольнасцю, якую можа мець чалавек на зямлі. Вольны называць нават ЯГО – нашага правадыра – таварышам. Толькі падумайце сабе як след: я маю права свабодна і паўсюль называць ЯГО таварышам! Таварыш Сталін! ТАВАРЫШ СТАЛІН!... Вось гэта і ёсць мой найвялікшы гонар і радасць!... Ці можа грамадзянін капіталістычнай дзяржавы назваць свайго прэзідэнта альбо цара таварышам? Ніколі! Хіба толькі іншы крыважэрны прэзідэнт альбо азвярэлы цар. А я... Адчуваю, што слёзы радасці і гонару наплываюць мне на вочы... Мушу спыніць пісанне і перапаліць, бо не стрываю празмернага шчасця, і сэрца маё разарвецца. Што бы пазнаць аб далейшых прыгодах малодшага лейтэнанта Мішкі Зубава, націсніце на выяву кнігі і запампуйце ўвесь тэкст. |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Аркуш |
1 |
2 |
3 |
4 |
5 |
>>> |
||||||||||||||||||||||||||||||||||