Main

Photos

Wallpaper

ArtGallery

Stories

Links

Аўтаданос

(Autodenuncjacja)

Па загадзе свайго выдаўцы я мусіў неадкладна паслухмяна і з пашанай напісаць гэтую біяграфію. Так як у мяне выпрацавалася хранічная антыпатыя да выдаўцоў і кракадзілаў - яны розняцца толькі колькасцю, чысцінёй і відам зубоў, але не апетытам, - то напішу так, каб ён не меў вялікага пажытку. Зрэшты, такому матэрыялісту як я нават міргнуць задарма не хочацца. Стоп.

Нарадзіўся я даволі даўно. Як гэта адбывалася, не памятаю, таму хлусіць не буду. А да ніводных дакументаў - пасля асваення спосабаў практычнай і мастацкай іх падробкі - не маю даверу. Магчыма, што гэта сталася 1 чэрвеня 1899 году (насамрэч 1901). Гэтак прынамсі сцвярджалі суддзі і пракуроры, нясціпла разглядаючы мае добрыя якасці і недахопы на даволі шматлікіх судовых разбіральніцтвах, чым чынілі мне вялікую прыкрасць, бо я вельмі скромны і не люблю рэкламавання. Калі гэта так, дык на дадзены момант мне 48 год, выглядаю я на 38, пачуваюся на 28, а паводжу сябе, быцам мне 8. Стоп.

Вучыўся я вельмі дрэнна. Бадай зусім не вучыўся. Паводзіў сябе яшчэ горш. Тата заўсёды сцвярджаў,  што скончу я дрэнна. А так як таты і старыя цёткі не могуць не мець рацыі, дык сталася так, як  прадракалі: я зрабіўся пісьменнікам. А гэта, верагодна, невылечна. Мараль адсюль вынікае наступная: не звяртаў увагі на кнігі ў школе - цяпер у пакаранне мушу сам іх пісаць. Адзінае, што ратуе мяне ад ганьбавання старымі сябрамі, гета тое, што раблю я гэта, жадаючы зарабіць. Стоп.

Характар у мяне надзвычай зменлівы. Неахвотна і з сорамам прызнаюся ў гэтай хібе. Напрыклад: у дзяцінстве я вельмі не любіў гарэлку і дзяўчатак. Гарэлка была для мяне нясмачнай, а дзяўчаты раздражнялі мяне своеасаблівай фігурай - як каты, сабакі. Пазней я ўпадабаў і тое і другое, хоць абодва гэтыя ласункі ўчынялі мне неаднойчы шмат клопатаў. Стоп.

Мой тата меў вельмі дзіўную прафесію: высылаў чужыя лісты і тэлеграмы - як начальнік паштовага аддзялення. Гэта быў надта нудны занятак, і я як добры сыночак - каб гэта ўраўнаважыць - учыняў  розныя  авантуры.  Калі  яны  былі асабліва цікавыя,  судовыя і  паліцэйскія ўлады садзілі мяне ў вязніцу,  і там я мог адпачываць,  не  клапоцячыся ні  аб чым. Гэтая  забава так падабалася  суддзям,  што  ў 1926 годзе  мяне пасадзілі  ў турму  на  15 год.  Я лічыў гэта  надмернай  велікадушнасцю і некалькі разоў спрабаваў сціпла ўхіліцца ад гэтага і звольніць  турму ад  цяжару  майго  ўтрымання.  Урэшце  мяне паслалі  для ўнясення  разнастайнасці  ў асабліва цікавую турму на Святы Крыж, якая стаіць на вяршыні Лысай Гары і лунае ў аблоках. Там, каб яшчэ больш надакучыць сабе, я напісаў аповесць,  якая невядома чаму набыла вялікую папулярнасць,  таксама была перакладзена на шмат моў.  Гэта было ўжо зашмат і 12 жніўня 1937 году начальнік турмы загадаў мне ісці  прэч, хоць - калі б я аповесці не пісаў - мог  бы жыць там бесклапотна  яшчэ 4 гады.  Гэта адбылося праз 11 год знаходжання там,  калі я ўжо да ўсяго прызвычаўся. Для арыентацыі пазначу, што цяжэй за ўсё правесці ў вязніцы першыя 10 год. Я мусіў пакінуць турму і зноў пачаць турбавацца  пра сваё існаванне. Стоп.

Мае палітычыя погляды былі калісьці наступнымі: біць белых, пакуль не пачырванеюць, а чырвоных - пакуль не пабялеюць. Але аказалася, што чырвоныя былі заўсёды чорнымі, а белыя - ружовымі. Таму я лічыў, што трэба чырвоных пабяліць. Я рабіў гэта заўсёды даволі старанна, бо не зношу чыйсьці хвальбы... дастаткова з мяне маёй. Стоп.

Я ўмею рабіць шмат прыдатных рэчаў: жангліраваць, хадзіць на руках, варушыць вушамі, языком даставаць да носа - і гэтым  надзвычай ганаруся. З менш цікавых: шпіёніць, займацца кантрабандай і  шмат іншых, якіх не хачу з-за прыроднай сціпласці ўспамінаць. Не займаюся зараз гэтым, бо судовыя ўлады ў адносінах да мяне праявілі адсутнасць пачуцця гумару. У пакаранне я пазбавіў іх добрага кліента. Раней маёй асобай цікавіліся: паліцыя, разведчыкі, суддзі, пракуроры, пагранічнікі. А цяпер толькі выдаўцы і рэпарцёры. Выдаўцы існуюць дзеля таго, каб стрыгчы аўтара і чытача. Робяць гэта беспакаранакалі не чытаюць таго, што выдаюць. А рэпарцёры існуюць дзеля таго, каб задаваць дурныя пытанні. Адзін, напрыклад, спытаў мяне падчас інтэрв'ю: "Што б Вы, спадар, зрабілі, каб Вас заставілі на ноч у банку, дзе б была адчынена незгаральная шафа, поўная грошай?". Я яго ўважліва агледзеў і адказаў абсалютна сур'ёзна: "Я  б цэлую ноч не спаў і піль наваў, каб Вы, спадар, не прабраліся ў банк. Стоп.

Аповесці я пішу з агідай да гэтай нуднай справы. Не прачытаў яшчэ ніводнай з іх - праз ляноту. Крытыкі адзінадушна называюць мае кнігі "немаральнымі". Таму я лічу, што кнігі мае могуць чытаць не крытыкі, а людзі з моцнымі маральнымі прынцыпамі, альбо тыя, якія не маюць аніякіх. Лістоў пісаць таксама не люблю... з выняткам "любоўных". Гэтыя пішу пад кальку: у дзесяці паасобніках, а потым - па меры патрэбы - стаўлю даты і адрасую. Таму бібліёграфы  пасля маёй смерці не будуць мець вялікай пацехі з майго "сардэчнага" пісьменства. Стоп.

Я паляк, гэта значыць: грамадзянін краіны, якая спрадвеку змагалася за вольнасць шматлікіх народаў і таму на працягу вякоў яе раздзіралі, прадавалі, выдавалі і нішчылі. Зараз яна пад уладай дзяржавы, якую яшчэ Ленін назваў "вязніцай народаў", якая імкнецца і зараз, каб муры гэтай вязніцы ахапілі ўвесь свет. Стоп.

Зараз я жыву ў горадзе, у якім жыве ў купе столькі людзей, колькі ў Літве, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі і Нарвегіі разам. Таму тут цесна і нудна. Горад гэты называецца Лондан. Жывуць тут: англічане, паліцыянты і я. Англічане праўдападобна размаўляюць па-ангельску, бо я іх зусім не разумею і падазраю, што і яны сябе не разумеюць. Напрыклад, з адным з іх я "размаўляў" дзве гадзіны, выкарыстоўваючы толькі тыя - вядомыя мне - выразы: так... не... і ох! Гэтага мне хапіла. Дзеелася то, праўда, у "публічным доме" - не ўсміхайцеся: у размоўнай мове гэта БАР. Мы паціснулі рукі на развітанне - што англічане робяць у якасці выключэння - і абмяняліся адрасамі. Праз два дні я атрымаў ліст, у якім сцвярджалася, што я надзвычай прыемны суразмоўца і распавядаю вельмі  цікавыя "story". Лічу гэта найвялікшым камплементам, які я калі-небудзь атрымліваў. Паліцыя замест таго, каб канкурыраваць альбо  супрацоўнічаць са злачынцамі і атручваць жыццё грамадзянам - як гэта дзеецца ў іншым месцы - апякае іх, ахоўвае дзяцей ад здарэнняў  і вельмі паcлухмяна, дакладна і ахвотна інфармуе тых, хто аб гэтым просіць. А я... пішу аповесці, узбагачаю  выдаўцоў і чакаю: калі д'ябал - усё роўна якога колеру - перадушыць нарэшце бальшавікоў, каб  магчыма вярнуцца ў Польшчу, якую люблю больш за ўсё. Стоп.

Аповесцяў маіх выдадзена шесць. Адна з жыцця кантрабандыстаў. Дзве з жыцця прафесійных шпіёнаў. Тры з жыцця прафесійных злачынцаў.  Напішу яшчэ шмат. Скончу цыклам "Крывавыя Дзеі  Прафесійных Выдаўцоў". Стоп! Стоп! Стоп!

Да пабачэння, Чытачы: падрабязнасці ў кнігах!

Да пабачэння, Выдавец: загад выканаў.

17 ліпеня 1947 г.

Лондон

Пераклад з польскай - Кацярына Бондарава

Крыніца арыгінальнага тэксту: Sergiusz Piasecki. Autodenuncjacja: teksty autobiograficzne, wywiady, wspomnienia, publicystyka. Warszawa 2002.

Трактат пра урку

Вялікі урка нарадзіўся даўно і добра быў вядомы ў нізах грамадзтва. Лічыў сябе за "блатнога", за злодзея-майстра, але быў хутчэй хуліганам ды паразытам пры зладзеях, якім яны пагарджалі, хоць і прызнавалі за свайго.

Урэшце, калі Расею захлынулі мутныя хвалі другой рэвалюцыі, урка выплыў на паверхню й апынуўся ў сваёй стыхіі – у брудзе, крыві ды ўладзе панурых вылюдкаў. Пачаў дваіцца, траіцца, множыцца й размножыўся ў мільёны. Стварыў сваю ідэалёгію, этыку і эстэтыку. Заняўся палітыкай. Панаваў на вяршынях, цараваў у нізах.

Галоўная рыса уркі – пагарда. Пагарда да дабрыні, да праўды, да гонару. Мэта ягоная – выгодна жыць з працы іншых людзей і спажываць столькі, колькі ўлезе. Дзеля гэтага заўжды імкнецца ён дарвацца да ўлады альбо да добрага становішча, атачыць сябе штабам іншых уркаў і зьдзекавацца зь людзей незарганізаваных. Урка не абавязкова мусіць займаць высокую пасаду. Можа ён распанавацца ў калгасе, у лягеры, нават у вязьніцы. Галоўнае для яго – жывучы нават у нястачы, сярод галечы, мець магчымасьць глуміцца са сваіх таварышаў ды існаваць на вышэйшым ад іх матэрыяльным узроўні.

Урка ня брыдзіцца здрадаю, даносам. Ахвотна імі карыстаецца, калі справа ідзе пра ягоны інтэрас. Ахвотна таксама слугуе ён і падлізваецца да тых, ад каго залежыць. Урка – вялікі актор: умее маскавацца, удаваць зычлівасьць і чакаць магчымасьці ўзяць за горла тых, каму служыць.

У імкненьні дасягнуць сваіх мэтаў урка ня лічыцца зь іншымі людзьмі. Калі ж сваіх мэтаў дасягне, не пашкадуе нават тых, хто яму нядаўна дапамагаў. У кожным урку жыве інстынкт садыста. Мае ён шмат хваравітых комплексаў. Зь ягонага комплексу непаўнавартасьці паўстае манія велічы, якою маскуе ён сваю нікчэмнасьць і бесхарактарнасьць.

Уркі прабіваюцца праз жыцьцё ня тое што "локцямі", але нават ботамі. Лёгка дасягаюць высокіх становішчаў, але заўсёды і ўсюды застаюцца толькі уркамі. Часам уркі маюць добрае выхаваньне й манеры; бывае, паходзяць зь вядомых сем’яў; аднак псыхіка іхная заўсёды аднолькавая: гэта халодныя дрэні, якія шануюць толькі сілу, спрыт і багацьце.

У кожнай арганізацыі, у кожным згуртаваньні, у кожнай групе людзей могуць знайсьціся уркі, якія пільнуюць выпадак, каб заняць лепшыя месцы, асабліва калі месцы тыя прыбытковыя. Уркі любяць падпісваць пакты й дамовы: на словах – для дабра ці бясьпекі групы, да якой належаць, але па сутнасьці – дзеля сваёй карысьці. Дзе ёсьць "братва", "карашы", "дружбаны" – там заўсёды знойдуцца і уркі. Прыслоўе "рука руку мые, нага нагу падпірае" прыдумалі уркі. Палітыка – улюбёная галіна іхнай дзейнасьці, і да яе яны праяўляюць вялікія здольнасьці. Але уркі – стварэньні ўнівэрсальныя й лёгка апаноўваюць розныя сфэры чалавечага жыцьця. Знойдзеце урку і ў вайсковым мундзіры, і ў строі дыплямата. У такіх выпадках ён сьпявае як салавей, а думае й дзейнічае як кракадзіл. Узьнёслыя словы для яго – толькі сродак дасягненьня мэты: затуманіць іншым людзям вочы і атрымаць прыбытак.

Прыглядайцеся, выяўляйце вакол сябе уркаў ды старайцеся перашкаджаць ім. Бо, калі апануюць уркі ўсе сфэры жыцьця чалавечага, пазбавяць яго ўсялякай вартасьці.

Першая публікацыя: Wiadomosci, Londyn, 1958, nr 44.

Пераклаў Вацлаў Арэшка

Аркуш

1

2

3

4

5

>>>

Rating All.BY Радзіма майго духу Zviaz u padtrymku Demakratyi w Belarusi Зянон Пазьняк Беларускі Маладзевы Рух у Амерыцы Мілінкевіч Аляксандр Камунікат Радыё Свабода